Прыгоды Альгерда Абуховіча


Інтэрактыўная аповесць


Віктар Лупасін


Гэтая невялічкая аповесць пісалася на конкурс «рэANIMAцыя». Але лёс склаўся так, што я давёў яе да лагічнага завяршэння, а атрымалася ўдвая менш за мінімальны аб’ём. То я вырашыў — няхай сабе будзе незалежна ад конкурсу радаваць чытача.
Вазьмі пару гуляльных кубікаў, кінь раз, глянь, колькі выпадзе. Гэта будзе тваё ШАНЦАВАННЕ. Кінь другі раз — гэта АБАЯННЕ. Калі паводле сюжэта трэба будзе іх праверыць, кінь кубікі зноў. Выпадзе больш — значыць, табе не шанцуе або ты не абаяльны. Пасля праверкі ШАНЦАВАННЕ памяншаецца на адзінку, АБАЯННЕ ж павялічваецца, калі ты быў абаяльны, і памяншаецца, калі не.
У аповесці вельмі шмат канцовак, якія пазначаюцца сімвалам * . Сустракаюцца і больш удалыя, і менш удалыя варыянты, чым рэальная біяграфія Альгерда Абуховіча. Прысутнічае, уласна, і яна сама.
Ну і правілы саміх інтэрактыўных аповесцяў усім інтуітыўна зразумелыя.
Баявых эпізодаў не будзе, таму што Абуховіч быў міралюбны.

1

Ты нарадзіўся ў 1840 годзе ў сям’і багатага шляхціца з тысячай душ, суддзі Мазырскага павета. Твой дзед удзельнічаў у паўстанні Касцюшкі, а матуля паходзіць са старажытнага італьянскага роду графаў Бандынэлі, да якога належаў нават рымскі папа Аляксандр II.
Але ты маеш адзін маленькі недахоп, а менавіта заечую губу. Калі табе спаўняецца дванаццаць гадоў, бацькі прапануюць рушыць да родзічаў у Кіеў, каб зрабіць аперацыю і выправіць недахоп.
Пагодзішся на аперацыю — 22.
Забаішся і заўпарцішся — 38.

2

Надыходзіць 1863 год, а разам з ім — паўстанне, якое пазней назавуць паўстаннем Кастуся Каліноўскага. Ты, як сапраўдны беларускі шляхціц маладых гадоў, вырашаеш далучыцца да паўстанцаў, каб вырашыць лёс Вялікага Княства Літоўскага.
Але ж пры бліжэйшым разглядзе ты разумееш, што іх шэрагі не маналітныя і падзяляюцца не менш як на два крылы.
Далучышся да памяркоўных заможных «белых» (26) або няўрымслівых «чырвоных» (46)?

3

Ты пачынаеш пісаць прыгодніцкія, фантастычныя і дэтэктыўныя раманы на польскай і рускай мовах, як Булгарын і Крашэўскі. Пяро тваё лёгкае, эрудыцыя шырокая, таму кнігі твае разлятаюцца як гарачыя піражкі. Паралельна пішаш беларускамоўныя вершы, маскіруючы іх пад этнаграфічныя вопыты. Неўзабаве ты робішся модным літаратарам і перабіраешся ў сталіцу. Бацькі табой ганарацца, жонка цябе любіць. Часопіс «Современник» цябе крытыкуе, ну ды і хай бы сабе.
Так працягваецца да рэвалюцыі, у час якой цябе скідваюць з парахода сучаснасці. Але тут ты сядаеш на іншы параход і рэшту дзён адносна няблага перабываеш у Парыжы, папісваючы мемуарчыкі... *

4

На жаль, ты не маеш сродкаў, каб выдаць такую кнігу. Пан Францішак прапануе ўставіць пару тваіх твораў у «Дудку беларускую», але ты адмаўляешся ад такой прапановы і чакаеш лепшых часоў.
І тут зноў правер сваё ШАНЦАВАННЕ. Калі табе пашанцуе, то 36, а калі не — 9.

5

«Гэта вельмі цікава, — кажа дзяўчына. — Я вельмі спяшаюся, да пабачэння!»
І сыходзіць у невядомым кірунку.
Тыдняў са два ты марыш зноў яе сустрэць, а зразумеўшы, што гэтага не адбудзецца, — пішаш вядомую байку «Індык і паўлінка» .
Але хутка тэрмін высылкі падыходзіць да завяршэння, і ты вяртаешся ў родныя мясціны — 40.

6

Што ж, паступова ты ператвараешся ў звычайнага павятовага пана. Родзічы махнулі на цябе рукой. Маёнтак пасля смерці бацькі ты ўспадкаваў, дзяцей сякіх-такіх нарабіў, аддаў вучыцца куды належыць, а вершыкі на мужыцкай мове крэмзаюцца ўсё радзей і радзей. Ужо гадоў праз дзесяць ты нават не можаш згадаць, куды іх складваў... *

7

Ох, не трэба было казаць такія словы ў гэтай кумпаніі. Забыўся, хто твае родзічы: самі буйныя землеўладальнікі і паны!
І вось яны ўжо пагражаюць адаслаць цябе ў вар’ятню, калі не зрачэшся сваіх слоў (а жонка напрамілы бог просіць зрачыся).
Што зробіш?
Папросіш прабачэння, скажаш, што выпіў лішку, — 28.
Пойдзеш на прынцып, не адмовішся ад поглядаў — 24.
Адмовішся ад маёнтку і з’едзеш з жонкай у Слуцк — 44.

8

Ты прымаеш прапанову яго высакароддзя і пераходзіш пад каманду Мураўёва. У хуткім часе разгараецца паўстанне Кастуся Каліноўскага. На пасадзе таварыша пракурора, а пасля пракурора ты выносіш суровыя прысуды на карысць Расіі. У пачатку 1864 года ты адпраўляеш на эшафот і самога Каліноўскага.
Адны цябе баяцца. Другія — паважаюць. Трэція — ненавідзяць.
Ну а ты спакойна пракурорствуеш да 1880 года, атрымліваеш правадзейнага стацкага саветніка і Ганну на шыі.
Але тут у тваю карэту кідае бомбу нарадаволец... *

9

Лепшыя часы прыйшлі, але ты да іх не дажыў, памершы ўлетку 1898 года. Але твая жонка захавала архіў, а нашчадкі частку нават выдалі.
Чаму твая жонка дажыла да гэтага часу, а не памерла ў 1873 годзе, як адбылося ў рэальнасці? Мабыць, таму, што жыў ты з ёй у большай згодзе, чым у рэальнасці. А можа, цябе проста пашкадаваў Лупасін. *

10

Дзяўчына негадуе. Яна знаць не знае ніякага Стэрна, а Чарнышэўскі — яе ўлюбёны пісьменнік. Ты прызначаеш сустрэчу заўтра на гэтым жа месцы, каб паспрачацца аб літаратуру, і ўсё завярце...
Праз паўгода вы берацеся шлюбам у мясцовай цэркаўцы, а яшчэ праз чатыры месяцы ты вяртаешся з маладой жонкай у Беларусь — 15.

11

Архіў Альгерда Абуховіча загінуў пасля смерці Францішка Багушэвіча разам з архівам Францішка Багушэвіча. *

12

Вы асталёўваецеся ў тваім родным Слуцку. Ты пачынаеш шукаць месца, але неўзабаве знаёмішся з панам Бяліцкім, які прапануе табе стаць настаўнікам ягонага сына. Справа ідзе на лад, і неўзабаве жонка ўжо кажа, што ёй тут утульней, чым было ў бацькоўскім маёнтку.
Паралельна ты займаешся напісаннем баек, аповесцяў, а таксама перакладаеш на беларускую мову Міцкевіча, Дантэ і навамодных літаратараў. Надрукаваць усё гэта пакуль нерэальна, даводзіцца пісаць у шуфляду, а дакладней — у камоду.
Незаўважна надыходзяць васьмідзясятыя.
Аднойчы ты знаёмішся з нейкім дужа экстравагантным панам з Кушлян, што, як і ты, удзеліў у паўстанні, — 51.

13

На жаль, нягледзячы на намаганні сваякоў, цябе судзяць за ўдзел у паўстанні і прыгаворваюць да высылкі ў Сібір — 20.

14

Ты асталёўваешся ў Слуцку і пачынаеш шукаць месца.
Але, не меўшы пратэкцыі, здабыць яго не так лёгка. Ты перабіваешся з пятага на дзясятае, бяднееш, апускаешся, і што менш акуратна ты выглядаеш, то менш ахвотных мець з табой справу. Да таго ж ты пачынаеш піць.
Заканчваецца тым, што аднойчы мярзотнай слотнай раніцай тваё цела знаходзяць у брудным сумёце... *

15

Ты зноў на радзіме, і ўжо жанаты. Трывалай справы, з якой можна карміцца, ты не маеш. Жонка ведае пра тваё лёгкае пяро і прапануе пачаць зарабляць напісаннем раманаў, як гэта робіць Юзаф Ігнацы Крашэўскі. Твой адказ:
«Вядома, любая, так і зраблю» – 3.
«На свабодзе прападу, а ў няволю не пайду» – 27.

16

Ты жывеш за мяжой жыццём заможнага шляхціца, шмат чытаеш і падарожнічаеш. З цягам часу апроч польскай, расійскай і тутэйшай моў ты асвойваеш французскую, італьянскую, нямецкую і іспанскую.
Надыходзяць шасцідзясятыя гады. Адзін з сяброў прапануе табе наведаць Вільню.
Калі пагодзішся — 52.
Калі застанешся ў Заходняй Еўропе — 33.

17

Паступова ты такі знаходзіш сабе сціплы даход — рэпетытарства прыносіць нейкую капейчыну. Жонка з табой сварыцца, спрабуе наставіць на троп і ў рэшце рэшт памірае. Доўгі час ты перабываеш бабылём. Пры гэтым ты пастаянна працуеш над беларускамоўнай творчасцю. Магчыма, яна робіцца для цябе нейкай аддушынай.
У адзін прыўкрасны дзень ты знаёмішся з эксцэнтрычным панам з Кушлян, што, як і ты, захапляецца беларушчынай, — 25.

18

За час рэпетытарства дзякуючы гаспадарлівай жонцы ты назбіраў пэўную колькасць грошай. Частку з іх ты выдаткаваў і... ты не самотны, ты кнігу маеш! Тоненькую, з процьмай абдрукаў кніжку баек «Воўк і лісіца» , якую даследчыкі лічаць адной з дзвюх першых у новай беларускай літаратуры нароўні з «Дудкай беларускай».
І праз сто год блытаюць шкаляры вас з Багушэвічам, як Купалу з Коласам! *

19

Архіў Альгерда Абуховіча быў урачыста спалены ў каміне. Неўзабаве памёр і сам Альгерд Абуховіч. *

20

У высылцы час цягнецца марудна і сумна, але ж чалавек такая скаціна, што да ўсяго прывыкае. Паступова ты звыкаешся са сваім становішчам. Ад няма чаго рабіць ты пачынаеш перакладаць Пушкіна на мову далёкай радзімы.
«Што гэта за мова?» — пытае аднойчы незнаёмая дзяўчына, калі ты, забыўшыся, даволі гучна мармычаш варыянты перакладу.
«Гэта мова Паўночна-Заходняга краю», — адказваеш ты.
«Гэта вельмі цікава, — кажа яна. — Я цікаўлюся этнаграфіяй. А яшчэ я чытала Чарнышэўскага».
Што адкажаш?
«А я — ссыльны рэвалюцыянер» (5)?
«Чарнышэўскі як стыліст мяне не ўражвае, аддаю перавагу Стэрну» (10)?
«Вы вельмі цудоўная дзяўчына, але не ў маім гусце» (59)?

21

Што ж, ты вядзеш жыццё шалапутнага старэючага кавалера са шляхты. Займаешся ты вельмі актыўна напісаннем беларускіх вершаў і перакладамі на беларускую мову — то-бок, з пункту гледжання бацькоў, нічым увогуле не займаешся, «лепей бы піў і курыў». Усе спробы ажаніць цябе заканчваюцца нічым.
Аднаго разу пасля надта вострага дыспуту з бацькам (ты заклікаеш раздаць сялянам памешчыцкую зямлю) ён абураецца і пагражае за такія словы здаць цябе ў вар’ятню.
У вар’ятню табе не хочацца. Ты аддзяляешся ад бацькоў і з’язджаеш настаўнічаць у Слуцк — 34.

22

Аперацыя прайшла паспяхова, ты трымаўся мужна, чым нават выклікаў здзіўленне з боку доктара. Вярнуўшыся на радзіму, ты паступаеш у Слуцкую кальвінскую гімназію, дзе паспяхова вучышся два гады. Нечакана паўстае магчымасць з’ехаць за мяжу і працягнуць адукацыю там.
Прымеш прапанову (16)?
Альбо так і будзеш у гімназіі (29)?

23

Дзяўчына сыходзіць, і больш ты яе ніколі не бачыш. Ну а праз які год прыходзіць найвышэйшы загад аб тваім памілаванні, пасля чаго ты вяртаешся на Беларусь — 40.

24

Правер сваё ШАНЦАВАННЕ. Калі табе шанцуе, то 58. Калі не — 48.

25

Новага знаёмца завуць Францішак. Ён таксама нарадзіўся ў 1840 годзе і таксама піша на беларускай мове. Спярша вы ледзь не сварыцеся праз рознасць падыходаў, але пасля прыходзіце да згоды, пра што ты пішаш эпіграму:

У гаворцы ёсць ружніца
Між маею і Тваей:
Маей — Пушчы, Птыч граніца,
Ты ж — Панарскі салавей!

Пан Францішак кажа, што хоча апублікаваць творы ў Кракаве.
«Але ж гэта ідэя», — думаеш ты — 47.

26

Правер сваё ШАНЦАВАННЕ. Калі табе шанцуе, то 32. Інакш — 13.

27

«А на якія шышы жыцьмеш такі харошы?» — слушна пытае твая нарачоная, і цягам наступных дзвюх гадзін ты даведваешся шмат новага пра сябе асабіста і пра свае погляды на жыццё.
Падобныя сваркі паўтараюцца раз ад разу часцей і часцей, пакуль у 1873 годзе яна не памірае ад анеўрызмы.
Ты вырашаеш, што так склаўся няўмольны лёс, і болей не жэнішся — 21.

28

Сварка спыняецца, але з тых часоў ты часцей і часцей заўважаеш за сабой, што ў спрэчках і сварках або маўчыш, або прымаеш бок апанента.
Гэта палохае цябе, і ты ўжо думаеш кінуць увесь маёнтак, родзічаў, жонку і з’ехаць у Слуцк.
Калі так і зробіш, то 34.
А калі вырашыш, што нічога страшнага, — 6.

29

Ты застаўся ў Слуцкай кальвінскай гімназіі, якую паспяхова скончыў. Бацька прапануе пайсці па юрыдычнай лініі, і па некаторым роздуме ты пагаджаешся.
Скончыўшы курс, ты пачынаеш служыць. Аднойчы цябе, маладога калежскага сакратара, кліча да сябе яго высакароддзе і прапануе перайсці ў новы дэпартамент, якім, маўляў, кіруе сам Мураўёў.
Пойдзеш да Мураўёва (8) або застанешся служыць у родным стале (42)?

30

Ты пішаш ліст славутаму аўтару «Добрых весцяў» і, проці спадзявання, атрымоўваеш адказ. Сыракомля запрашае цябе да сябе на аўдыенцыю.
Ужо хворы і нямоглы, паэт уражвае цябе адкрытасцю сваіх думак і поглядаў. Ён дае шмат каштоўных парад па вершаскладанні і ў іх ліку — параду карыстацца мовай роднага краю, якая ў тыя гады звалася часам мужыцкай, а часам тутэйшай.
Ад тых часоў ты дужа часта карыстаеш з ягонай парады.
Ну а пакуль руш на 2, дзе цябе чакае новы лёсавызначальны выбар!

31

10 жніўня 18** года ў горадзе N. адбылося надзвычайнае здарэнне — скончыла самагубствам дзяўчына Кандратоўская, выпускніца фельчарскіх курсаў, сястра міласэрнасці. У перадсмяротнай запісцы яна папрасіла нікога не вінаваціць у яе гібелі і дадала, каб пан Альгерд Абуховіч не пераймаўся з гэтага выпадку, бо ён варты большага.
Але ты такі пераймаешся і цвёрда вырашаеш ніколі больш не жаніцца.
З тым і вяртаешся з высылкі — 21.

32

Табе моцна пашчасціла — бацька замовіў слоўца за цябе, недзе сунуў грашыну, недзе націснуў на шкадаванне. Ты выкруціўся з-пад крымінальнай кары і застаўся такім чынам законапаслухмяным грамадзянінам.
Вырашыўшы пасля такіх прыгод, што бурнай маладосці з цябе досыць, ты вырашаеш пайсці па юрыдычнай, чаму ўсе твае сваякі дужа радыя, — 42.

33

Ты так і застаўся ў Заходняй Еўропе, асталяваўшыся ў рэшце рэшт у Партугаліі. Доўгі час ты вёў жыццё багатага кавалера, жыва цікавіўся навуковым прагрэсам, удзельнічаў у філасофскіх і мастацкіх дыспутах. Пасля — ажаніўся з прагрэсіўнай дзяўчынай-суфражысткай. Дзяцей у вас не было, але вы дажылі ў міры і згодзе да Першай сусветнай вайны.
Але ж для беларускай культуры ты не зрабіў нічога... *

34

Правер сваё АБАЯННЕ. Калі ты абаяльны, то 50. Іначай 14.

35

На допытах ты трымаешся годна, з выклікам. Раз за разам цябе дапытваюць новыя і новыя ка?ты, у тым ліку нават сам Мураўёў. У рэшце рэшт як «непапраўнага ворага Айчыны» цябе вешаюць на плошчы.
А праз паўтара стагоддзя тваім імем называюць вуліцу на Каменнай Горцы.
Але ж гэта зусім іншая гісторыя... *

36

Надышоў 1906 год. Табе добра за шэсцьдзясят , але ты яшчэ ў стане пісаць вершы. Акрамя таго, ты маеш літаральна горы матэрыялу, напісанага раней. Нарэшце, ты здольны пісаць артыкулы і нататкі.
І вось такім чынам Альгерд Абуховіч робіцца вядомым дзеячам нашаніўскага перыяду. Ось гэта паварот!
Дарэчы, твой архіў пасля смерці захоўваецца ў Луцкевіча, выдаецца ў дваццатыя (асобнымі творамі) і дзевяностыя (важкім томікам). *

37

Архіў Альгерда Абуховіча ляжаў на гарышчы да пачатку трыццатых. Падчас раскулачвання выгрузілі на два вазы і спалілі. *

38

Ты назаўсёды застаўся з заечай губою (–1 да АБАЯЛЬНАСЦІ). Восенню ты паступіў у Слуцкую кальвінскую гімназію, і таварышы па вучобе залюбілі кпіць з той губы. Праз усё жыццё ты пранёс крыўду на іх, што адбілася на ўсёй тваёй творчасці і звычках (яшчэ –1 да АБАЯЛЬНАСЦІ).
Пры першай магчымасці ты пакідаеш ненавісную alma mater і пераязджаеш вучыцца за мяжу — 16.

39

І тут твой бацька падыходзіць і... паціскае табе руку!
І кажа: «Вось гэта словы сапраўднага мужа. Але... яшчэ не час. І нікому пра гэта не кажы».
І з таго дня твае адносіны з родзічамі ідуць на лад.
А бацька здабывае табе хлебнае месца «да наступнага паўстання», з яго слоў.
Удзень ты служыш, а ў вольны час пішаш у шуфляду творы на тутэйшай мове.
А пасля тваёй смерці прагрымела рэвалюцыя, сядзібу разрабавалі, а вершы спалілі.
Але ж гэта ўжо іншая гісторыя... *

40

Ты ў Беларусі. Усё не так кепска — зайздросны, яшчэ малады кавалер «з гісторыяй» і дваццаццю пяццю тысячамі гадавога даходу (дакладней, гэта даход твайго бацькі, але ён абяцае шчодра з табой дзяліцца, калі возьмешся за розум). Вакол шмат гожых паненак, якія ласкава на цябе пазіраюць.
Ажэнішся з якой (53)?
Або так і будзеш векаваць у старых кавалерах (21)?

41

Правер сваё ШАНЦАВАННЕ. Калі табе шанцуе, то 18. Калі не, 4.

42

Ты спакойна служыш па юрыдычнай лініі, плаўна і няўхільна ўздымаючыся па службовай лесвіцы. З цягам часу жэнішся. Прыблізна ў гэты ж час, на ўзор бацькі, ты робішся павятовым суддзёй, а пасля і губернскім. Даслужыўшыся з гадамі аж да тайнага саветніка, ты мірна выходзіш у адстаўку і няньчыш унукаў.
Папісваеш часам і вершыкі, але не друкуеш, а хаваеш іх у партфелі з пазалочаным надпісам «Зборнік няскончанага (d’inacheve?)». Нашто друкаваць? Ты ж маеш сродкі... *

43

Архіў Альгерда Абуховіча знік у невядомым кірунку. *

44

Правер сваё АБАЯННЕ. Калі ты абаяльны — 12. Калі не — 57.

45

На допытах ты трымаешся годна, але без выкліку. Суддзя вырашае, што «малады чалавек вальнадумны, але не безнадзейны», і насуперак грознаму Мураўёву ўсяго толькі высылае цябе ў Сібір на пару гадоў — 20.

46

Ты выступаеш пад самымі радыкальнымі лозунгамі, якія толькі можна ўявіць у імперыі. Ты пераўзыходзіш самога Каліноўскага ў смеласці сваіх ідэй. Ты заклікаеш надаць Паўночна-Заходняму краю незалежнасць, адабраць зямлю ў паноў і раздаць сялянам. Часам табе здаецца, што вы да гэтага блізкія.
На жаль, толькі часам. Неўзабаве Каліноўскага арыштоўваюць, а праз некалькі дзён — і цябе (54).

47

Некалькі гадоў ты намагаешся сабраць грошай, каб выдаць хоць які зборнічак, але ўсяго заробленага стае толькі на яду і жытло. Ты працягваеш пісаць у архіў і вучыць дзетак. Ствараеш у тым ліку аўтабіяграфію з апісаннем свайго жыцця-быцця.
Любіш піць гарбату з самавара і доўга, і калі нехта з тваіх вучняў прыносіць пірожныя, ты разразаеш іх напалам, каб на ўсіх хапіла. Вельмі артыстычна дэкламуеш свае байкі. Шмат пішаш і чытаеш.
Здароўе між тым не цешыць. Што зробіш з архівам?
Адашлеш сваякам (19) *
Перадасі знаёмцам (37)?
Перашлеш Францішку (11)?
Або пакінеш у сябе (43)?

48

Дарэмна ты так сказаў. Яны сапраўды здаюць цябе ў павятовую вар’ятню. Далейшая твая біяграфія надта смутная, каб яе апісоўваць.
Ну і ўсе творы твае былі ўрачыста спалены ў каміне... *

49

Ты так і не знаходзіш сабе месца ні ў прамым, ні ў пераносным сэнсе. Заканчваецца ўсё тым, што нашчадак тысячы дзесяцін ідзе жабраваць.
Далейшы твой лёс губляецца ў аналах гісторыі... *

50

Ты асталёўваешся ў Слуцку і пачынаеш шукаць месца. Неўзабаве ты сустракаеш пана Ермаковіча, які шукае настаўніка для свайго сына. Хутка ў цябе ўжо мноства навучэнцаў і аўтарская метода па самых розных навуках.
Паралельна ты займаешся напісаннем баек, аповесцяў і перакладамі. Надрукаваць творы на беларускай мове пакуль што нерэальна, таму пішаш у шуфляду, а калі шуфляда запаўняецца — у куфар.
Незаўважна надыходзяць васьмідзясятыя.
Аднойчы ты знаёмішся з нейкім дужа экстравагантным панам з Кушлян, што, як і ты, удзеліў у паўстанні, — 25.

51

Пана завуць Францішак. Ён твой аднагодак і, як і ты, цікавіцца беларускай мовай і спрабуе на ёй нешта тварыць. У вас разгараецца дыскусія наконт падыходу да беларускай мовы. Спярша вы ледзь не сварыцеся праз гэта, але на знак міру ты пішаш чатырохрадкоўе:

У гаворцы ёсць ружніца
Між маею і Тваей:
Маей — Пушчы, Птыч граніца,
Ты ж — Панарскі салавей!

Пан Францішак кажа, што збіраецца выдаць свае вершы ў Аўстра-Венгрыі.
«Але ж гэта ідэя», — думаеш ты — 41.

52

Ты прыязджаеш у Вільню, старую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага. Усё дыхае пераменамі і вызваленнем, і незаўважна для сябе самога ты пачынаеш пісаць вершы. Адзін з іх дасылаеш бацькам, і бацька раіць табе звязацца з вядомым літаратарам Уладзіславам Сыракомлем.
Калі напішаш Сыракомлю, то 30.
Калі засаромеешся, то 55.

53

Ты ажаніўся з мілай і надзвычай практычнай беларускай паненкай, якая адразу пачынае цябе мякка выхоўваць. Ты, сваёй чаргой, адукоўваеш яе і, паколькі маладая жонка ніколі шчэ не бачыла, каб на мужыцкай мове пісалі вершы, ствараеш тых вершаў цэлую плойму. Найбольш твая жонка любіць пераклады з рускай і польскай паэзіі, таму ты пераствараеш для яе Пушкіна, Лермантава і Міцкевіча, а заадно — Дантэ і моднага ў той час Гюго. Не забываешся і польскай мовы. Не сказаць, каб гэта прыносіла шмат грошай, але радасць дорыць дакладна. Родзічы любяць тваю жонку, а на цябе паглядаюць коса і часам просяць яе на цябе паўплываць.
І вось аднойчы... — 56.

54

Правер сваё АБАЯННЕ. Калі ты абаяльны, то 45. Інакш 35.

55

Разважыўшы цвярозым розумам, ты вырашаеш не пісаць ліста слыннаму паэту. Сапраўды: дзе ты, а дзе Сыракомля.
Вершыкі на польскай мове, аднак, працягваеш папісваць, а перад удзячнай аўдыторыяй нават і пачытваць. Хутка звяртаешся і да беларускай.
Ну а ўжо неўзабаве нашу зямлю напаткала падзея, у якой ты проста не мог не ўзяць удзелу, — 2.

56

Аднойчы ваша сям’я збіраецца за бяседай. Хмельная гутарка зварочвае на палітычныя рэйкі і набывае выгляд сваркі. Бацька кажа, што паўстанне Каліноўскага заканамерна пацярпела паразу, бо не мела падтрымкі на нашых землях.
Што адкажаш?
«Так, не мела, бо трэба было адабраць зямлю ў паноў і раздаць сялянам» (7) .
«Яна мела падтрымку, але трэба было ўсім аб’яднацца і выступіць адзіным фронтам» (39).
Або нічога не адкажаш, проста змаўчыш (28)?

57

Вы асталёўваецеся ў Слуцку. Ты пачынаеш шукаць месца і не знаходзіш яго. Вы перабіваецеся з пятага на дзясятае, бяднееце, апускаецеся і... правер сваё ШАНЦАВАННЕ. Калі табе шанцуе, то 17, а калі не — 49.

58

«Ну што ты так усхадзіўся? — пытае бацька. — Не любіш нас, дык не любі моўчкі, мы цябе таксама не надта!»
Як ні дзіўна, на гэтым вы мірыцеся, а казытлівы сялянскі тэмат больш не закранаеце.
Ну а ты вырашаеш знайсці якую-небудзь крыніцу даходу, каб не залежаць ад бацькоўскага маёнтку.
Можаш, напрыклад, стаць модным пісьменнікам (3).
А можаш з’ехаць у Слуцк і вучыць там дзетак (44)).

59

Дзяўчына заўважна крывіцца, але авалодвае сабой, і... правер сваё АБАЯННЕ. Калі ты абаяльны, то 31, інакш — 23.