«Нашая мэта — матрыца» — беларуска-брытанская каманда распрацавала касцюм для віртуальнай рэальнасці

«Нашая мэта — матрыца» — беларуска-брытанская каманда распрацавала касцюм для віртуальнай рэальнасці

У Tesla Suit можна «дакрануцца» да чалавека, які знаходзіцца за тысячы кілямэтраў ад цябе, адчуць холад, гарачыню і вецер, зрабіць сабе масаж і стаць сапраўдным удзельнікам кампутарнай гульні.
«Памятаеце фільм «Газонакасільшчык»? Ён мяне вельмі ўразіў у дзяцінстве. З таго часу была ідэя зрабіць нешта падобнае. Ну і «Матрыца» пасьля выйшла», — так беларускі праграміст Дзьмітры Марозаў тлумачыць, што за касьцюм яны зрабілі.
11 год таму Дзьмітры Марозаў зьехаў у Шатляндыю, там вывучаў мову і бізнэс. У 2012-м пазнаёміўся яшчэ з адным беларускім праграмістам Сяргеем Хурсам. Іхныя мары супалі.
Цяпер Дзьмітры Марозаў і Сяргей Хурс — сузаснавальнікі брытанскай кампаніі Tesla Studios. А іх Tesla Suit выстаўлены на найбуйнейшую краўдфандынгавую плятформу Kickstarter.
«2016 год — год віртуальнай рэальнасьці, — кажа Марозаў. — Адзіная праблема — мозг верыць, што вы знаходзіцеся ў рэальнасьці, а калі вы дакранаецеся — адчуваньняў няма, і атрымліваецца дысананс. А з касьцюмам вы можаце дакранацца, вы адчуваеце зваротную сувязь. Гэта першы крок да матрыцы!»
Афіцыйная прэзэнтацыя Tesla Suit:
відэа
Зрабіць абсалютна працоўную мадэль удалося за тры гады. Але, па словах Дзьмітрыя, дзеля гэтага трэба сесьці ў «машыну часу». За тыдзень перад запускам праекту на Kickstarter Марозаў спаў толькі дзьве ночы і выпіў літры кавы. Каб зьдзейсьніць мару, давялося пакінуць працу, стаць даўншыфтэрамі, але калі азіраесься — зроблена шмат.
«Нас называлі «летуценьнікамі» і казалі, што ў нас нічога не атрымаецца, — кажа ён. — А мы лёталі на «сьветлавых хуткасьцях». Тры гады працы па 24 гадзіны на дзень сем дзён у тыдзень. Гэта прыкладна як 10 гадоў звычайнай працы ў офісе. Здаецца, што касьцюм з будучыні, а насамрэч мы працуем у такім рытме».
Касьцюм будучыні Tesla Suit працуе па прынцыпе нэйрацяглічнай электрастымуляцыі (NMES).
«Нашае цела так працуе, і касьцюм мы зрабілі такі, — тлумачыць Дзьмітры. — Мозг дасылае імпульсы ў цягліцы, і яны скарачаюцца. Калі вы да чагосьці дакранаецеся, то сэнсары знаходзяцца пад скурай, але інфармацыя пра адчуваньні перадаецца ў мозг па электрычных імпульсах — нэйронах».
Паводле такога ж прынцыпу працуюць, напрыклад, вядомы ўсім па паліклініках электрафарэз ці разнастайныя стымулятары для цягліцаў, якімі карыстаюцца ў спорце.
«Падаюцца нязначныя імпульсы з рознай частатой і сілай току, якія сымулююць розныя адчуваньні: нібыта нехта да вас дакранаецца, нешта паўзе, можна нават перадаць адчуваньне ветру. У наступнае вэрсіі будзе перадавацца цяпло і холад, а таксама сіла цяжару. Калі ў віртуальнай рэальнасьці вы ўздымаеце віртуальную шклянку, можна адчуць, наколькі яна цяжкая, — кажа Дзьмітры.
Жывая дэманстрацыя Tesla Suit:
відэа
Тэхналёгія NMES вядомая вельмі даўно, але беларускія распрацоўшчыкі яе ўдасканалілі і спрасьцілі. «Сам касьцюм — гэта 5 разнастайных тэхналёгіяў. А мы іх аб’ядналі, як Стыў Джобс калісьці аб’яднаў у смартфоне некалькі разнастайных функцыяў. Захопы рухаў, клімат-кантроль, электрастымуляцыя — мы гэта ўсё сабралі і аб’ядналі ў адну мадэль. Прайшлі шмат стадыяў прататыпаў, зрабілі адну тканіну, пасьля іншую», — распавядае Дзьмітры.
Усе існыя на рынку аналягі каштуюць па некалькі дзясяткаў тысяч даляраў, і да таго ж «правадныя».
«Мы зрабілі першую бесправадную мадэль, падключылі яе да плянштэта, кампутара — то бок да віртуальнай рэальнасьці. І цяпер у нас full body (касьцюм на ўсё цела) каштуе недзе паўтары тысячы даляраў, — кажа Дзьмітры. — Гэта ў 10 разоў таньней».
Паводле Дзьмітрыя, ужо праз пару гадоў касьцюм можа каштаваць каля 500 даляраў і стане даступным у кожным доме. Абыходзіцца зь ім вельмі проста.
«Вы надзяваеце яго, ўсталёўваеце дадатак касьцюма сабе на пляншэт, тэлефон, кампутар — і ён працуе, — тлумачыць Дзьмітры. — Мы распрацавалі тактыльны плэер. Ведаеце, як субтытры да відэа? Дык мы дадалі чацьвёртую тактыльную дарожку. Карыстальнік можа ўзяць любое відэа, указаць, на якой сэкундзе, якая частка цела якія адчуваньні мусіць мець. Захоўваеце гэта ўсё, і праз наш тактыльны плэер можна глядзець усе гэтыя відэа, расшарваць іх сябрам».
З такой тэхналёгіяй, пераконвае распрацоўшчык, можна апынуцца хоць у кліпе Мадонны, хоць у любым фільме.
«Як да любога фільму можна знайсьці вялікую колькасьць субтытраў на розных мовах, так і тут: вы можаце стварыць свае тактыльныя субтытры і разьмясьціць іх, — абяцае Дзьмітры. — У нас будзе Appstore (крама дадаткаў) — частку праграмаў мы робім самі, але асноўную аддаем распрацоўшчыкам. Мы выпускаем Software Development Kit. І любы распрацоўшчык гульняў, дадаткаў можа яго выкарыстоўваць, каб інтэграваць актыўныя адчуваньні ў свае дадаткі».
Ва ўласным Appstore Дзьмітры абяцае рэжымы гульняў, спорту-фітнэсу, адукацыі, забаваў.
Касьцюм зроблены з адмысловай тканіны smarttextile, якую таксама распрацавалі пад яго. Як кажа Дзьмітры, звычайная куртка важыць болей. У касьцюме няма аніякіх правадоў, а на яго надзяецца адмысловы пояс. Зараджаецца як звычайны тэлефон, і на адной «зарадцы» цяперашняя вэрсія працуе 4 дні.
Дзьмітры абяцае, што карыстацца касьцюмам будзе абсалютна бясьпечна.
«NEMS ад пачатку выкарыстоўваецца ў мэдыцыне для рэабілітацыі пасьля траўмаў і інсультаў, — кажа ён. — Мы кансультуемся з арганізацыямі, якія займаюцца дапамогай паралізаваным людзям, выкарыстоўваюць разнастайныя мэтодыкі фізіятэрапіі. У нас «на борце» прафэсійныя дактары».
Цяпер вынаходніцтва праходзіць працэдуру сэртыфікацыі.
«Пакуль мы факусуемся на індустрыі забаваў, найперш гэймінг, а таксама спорт, фітнэс, — апісвае распрацоўшчык. — Мэдыцына — гэта наступны крок, бо каб у яе ўвайсьці, трэба клінічныя выпрабаваньні. А тэарэтычна лекар можа дыстанцыйна праз касьцюм вас лячыць, выстаўляць праграмы, таймэры. Далейшая мэта касьцюма — расшыфроўка імпульсаў нэйронаў, каб можна было наўпрост падключыцца да нэрвовай сыстэмы чалавека».
Праз Kickstarter да 7 лютага плянуюць сабраць 250 тысяч фунтаў. Зь іх за пару дзён сабралі амаль дзясятую частку — каля 23 тысяч.
Грошы патрэбныя, каб выпусьціць першую тысячу касьцюмаў. Паралельна каманда зьбірае супольнасьць распрацоўшчыкаў, каб разам давесьці мадэль да спажывецкага рынку.
«Мы гэта робім не дзеля грошай, а каб мару сваю зрабіць рэальнасьцю, — кажа Дзьмітры. — Я ўвогуле лічу, што мая місія выкананая, касьцюм ёсьць і ён працуе. А цяпер выявілася, што шмат аднадумцаў. І такіх «джэдаяў» мы зьбіраем па ўсім сьвеце».
Касьцюм сумяшчальны зь іншымі віртуальнымі гарнітурамі, як Oculus і Google glass.
«Надзяваеце Tesla Suit, Oculus і апынаецеся ў 3D-сьвеце, — абяцае Дзьмітры Марозаў. — Нашая мэта — зрабіць матрыцы».

Аляксандра Дынько, радыё «Свабода» [13:09, 8 студзеня 2016]

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники