Настолка «Разам!» вышла ў свет і даступна для набыцця. Першы наклад гульні, выдадзены пры падтрымцы «Арт Cядзібы», вельмі абмежаваны — усяго 100 асобнікаў! Таму спяшайцеся.
«Разам!» — гэта настольная гульня, створаная для таго, каб у кампаніі сяброў можна было весела бавіць час па-беларуску. Гульня пабудавана на камунікацыі паміж людзьмі і папулярным сярод моладзі загадванні і адгадванні словаў.
У настолцы «Разам!» сабрана больш за 1 900 беларускіх словаў і назваў, а таксама больш за 200 выбітных асоб нашай зямлі.
Акрамя таго, «Разам!» — гэта добры інструмент для павышэння ўзроўня валодання беларускай мовай.
У працэсе гульні:
па-першае, пашыраецца слоўнікавы запас (бо ў гульню адбіраліся не толькі распаўсюджаныя словы накшталт «дэнамінацыя, жыхар, хакей, Вільня, новабудоўля і інш.»), але і безэквівалентная беларуская лексіка — «мацярдушка, вятружнік, філіжанка, поўня, роспач і інш.»,
па-другое, дзякуючы «Разам!», ігракі вучацца падбіраць сінонімы і тлумачыць з’явы і паняцці выключна пры дапамозе сродкаў беларускай мовы.
У «Разам!» могуць гуляць як людзі, якія толькі пачынаюць асвойваць беларускую мову, так і тыя, хто карыстаецца мовай у паўсядзённым жыцці. Для гэтага калоды картак разбіты на складаны і просты ўзроўні: пачаткоўцы могуць гуляць толькі простымі калодамі, а тыя, хто добра ведае беларускую мову, маюць магчымасць карыстацца адразу ўсімі калодамі — і простымі, і складанымі.
У настолку можна гуляць кампаніямі ад 4 чалавек — у госцях, дома, на прыродзе. Камплект гульні складаецца з ігравога поля, фішак, пясочнага гадзінніка і картак са словамі.
Паспрабуйце згуляць у «Разам!» — і хутка вы адчуеце, як гаварыць па-беларуску стала лёгка і прыемна!
Гульню можна замовіць у інтэрнэт-краме «Імбрык»
Спасылка на арыгінал артыкула.