##Беларускі навуковец, які жыве ў ЗША, стварае «віртуальную радзіму»

Беларускі вучоны, які жыве і працуе ў ЗША, стварае віртуальную Беларусь. Гэта выбуховая сумесь патрыятызму, псіхадэлікі і настальгіі па радзіме. Над плошчай Перамогі лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі, станцыя метро носіць імя Каліноўскага, а ў водах Нямігі плаваюць кракадзілы з русалкамі… Карацей, так проста і не апішаш — трэба глядзець.

Уладзімір Слабін — навуковы супрацоўнік Цэнтра перадавых тэхналогій у адукацыі (Center for Advanced Technology in Education) і па сумяшчальніцтве выкладчык кафедры хіміі Універсітэта Арэгона (University of Oregon).
Да пераезду ў ЗША Слабін быў дацэнтам кафедры хіміі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Абараніў дысертацыю па распрацоўцы камп’ютэрных праграм па хіміі як сродкаў экалагічнага выхавання. Слабін цікавіцца адукацыйнымі магчымасцямі трохмерных віртуальных асяроддзяў. Таму міма праекту Second Life ён проста не мог прайсці міма.

Што такое SecondLife

Анлайн-праект Second Life з’явіўся ў 2003 годзе. Прадукт выклікаў у гульцоў захапленне, ідэя кампаніі Linden Lab атрымала шчодрае фінансаванне і падтрымку вядучых ІТ-кампаній свету.
Second Life — гэта не столькі гульня, колькі імітацыя жыцця ў віртуальнай прасторы. Асноўны занятак карыстальнікаў — гэта камунікацыя паміж сабой ці стварэнне і аздабленне ўласнай віртуальнай прасторы. Трохі нагадвае вядомую гульню «Sims», толькі анлайн.
На пік папулярнасці праект выйшаў у 2006—08 гадах. Сцвярджалася, што зарэгістраваных карыстальнікаў там было больш за 15 мільёнаў. Гарвардскі і Оксфардскі універсітэты нават выкарыстоўвалі Second Life як адукацыйную пляцоўку. Праўда, большасць карыстальнікаў не затрымлівалася надоўга. На думку самога Філіпа Расдэйла, стваральніка праекту, гэта было звязана з кіраваннем. Жыць у трохмернай рэальнасці, выкарыстоўваючы мышку і клавіятуру, не вельмі зручна. У выніку, наведвальнасць праекту паступова падае.

Second Belarus

У 2008 годзе Уладімір Слабін набыў у Second Life кавалак віртуальнай зямлі плошчай 514 кв.м.
«Калі я назваў яго «Беларусь», то зрабіў гэта інстынктыўна. Проста таму, што так хацелася і таму, што было цікава. У пазнейшыя гады будаваў «інфраструктуру» і таксама не задумляўся аб мэце, хаця і спадзяваўся і спадзяюся, што асяроддзе станецца цікавым і карысным для многіх беларусаў. У кожнага, хто прыходзіць у трохмерны віртуал, свая мэта — гэта можа быць бізнес, гульня, адукацыя, тусоўкі, віртуальны флірт. Вядома, такія развагі гучаць няпэўна для заяўкі на грант. Але ж гэта, дзякуй Богу, не грант, а мая ўласная ініцыятыва», — апісвае Слабін.
Мэта крышталізавалася паступова. Па яго словах, яна такая — пашырыць беларускую культурную прастору шляхам стварэння яшчэ аднаго віртуальнага асяроддзя. У далейшым віртуальная Беларусь няўхільна расла і сёння яе агульная плошча — 8704 кв.м. Менш за гектар, але, да прыкладу, плошча паўнавартаснага вострава ў SL — 6,5 га (65536 кв.м). Па адным востраве ў свой час займалі віртуальныя Латвія і Ізраіль. Па некалькі астравоў сёння займаюць Грэцыя, Нарвегія, Францыя, Японія, гарады Лондан (6), Нью-Ёрк (5), Токіа (3), Портланд (2). У Расіі цяпер два астравы (адзін з іх Масква
), але ў 2008 было больш як 5. Адзін з іх — з контурам сушы ў выглядзе мядзведзя — эмблемы партыі «Адзіная Расія». Там падчас расійска-грузінскага канфлікту (2008) Слабін назіраў пацешную кібератаку
. Так што Беларусь на віртуальных 87 сотках — цалкам нармальна. Краіны свету прадстаўлены ў SL афіцыйна і неафіцыйна.
Напрыклад, Албанія, Калумбія, Мальдзівы, Сербія, Філіпіны, Швецыя
 і Эстонія
 ў свой час нават афіцыйна адкрылі там амбасады. Не ўпэўнены, што там можна было звяртацца і атрымліваць шведскія ды эстонскія візы (хіба віртуальныя?), але падзеі адбыліся і ўвайшлі ў гісторыю SL. Большасць жа краін і гарадоў пакуль будуецца ў SL сіламі энтузіястаў.
«Некалькі гадоў існуе і асобны востраў Беларусь
, да якога я не маю дачынення, але знаёмы з гаспадаром. Там цікавая прырода, хаця нацыянальнай, беларускай спецыфікі небагата. Падобна да гэтага, некалі быў востраў пад назвай Украіна, спрэс застаўлены мінарэтамі. Сёння ёсць стэрэатыпны такі востраў Афіны без анічога грэчаскага», — піша Слабін.

Як трапіць у віртуальную Беларусь?

Трапіць туды можа кожны. Трэба спампаваць і ўсталяваць кліент Second Life з сайта http://secondlife.com і зарэгістраваць аватар на тым жа сайце. Затым увесці адрас http://maps.secondlife.com/secondlife/Varsity/57/156/99 — і вы на плошчы Незалежнасці.
На краі яе стаіць пахмуры ахоўнік Міхась. Калі да яго наблізіцца, ён пытаецца, чаму вы тут ходзіце і папярэджвае, што мець пры сабе зброю забаронена. Побач проста ў паветры левітуе маляўнічая шыльда. У яе ўманціраваны скрыпт, які запрашае наведніка ўступіць у суполку «Second Belarus». Уступаць неабавязкова, але не-сябра суполкі не зможа ездзіць на трактары «Беларус», апрацоўваць матыкай барозны з бульбай і адкрываць некаторыя дзверы — не зможа карыстацца скрыптамі.
На плошчы размешчаны чорныя лавы. Наведнік можа пасядзець на іх і атрымаць, у залежнасці ад праседжанага часу і шчодрасці наладак, пэўныя віртуальныя грошы (Ліндэн-даляры, L$). У віртуальным свеце, у адрозненне ад рэальнага, можна пражыць без грошай. Але, як і ў рэальным, без іх сумна. З 2006 г. курс змяніўся мала: каля 1000 L$ за 4 $. Шмат чаго ў SL (цела, скуру, адзенне, аўтамабіль, самалёт, інш.) можна здабыць бясплатна.
Таксама на плошчы, як і паўсюдна у віртуальнай Беларусі, вісіць экран у залатой раме «Клікні і параўнай» з парай дзесяткаў рэальных фатаграфій месца. Канкрэтна гэты экран змяшчае фатаграфіі плошчы Незалежнасці і Дома ўрада.
«Помнік Леніну на плошчы адсутнічае праз неадназначнасць гэтай палітычнай фігуры для беларусаў. На плошчы ўвогуле няма помніка, бо цяжка падабраць кандыдатуру, якая б задаволіла ўсіх», — кажа Слабін.

Дом урада

Дом урада абсаджаны блакітнымі елкамі, аздоблены святлістым бягучым арнаментам і надпісамі па-беларуску і па-англійску: «Жыве Беларусь!» — «Belarus forever!» Паколькі месца дасяжнае наведнікам SL з усяго свету, але далёка не кожны наведнік ведае кірыліцу, такі пераклад дарэчы, лічыць Слабін.
Пры захаванні вонкавага падабенства, Дом урада ўнутры мае не шэсць паверхаў, а тры. Згодна з абраным гістарычным падыходам (Полацкае княства — Вялікае Княства Літоўскае — Беларуская Народная Рэспубліка — Рэспубліка Беларусь), у левым і правым крылах першага паверха размешчаны залы Еўфрасінні і Вітаўта адпаведна, у левым і правым другога — залы Каліноўскага і братоў Луцкевічаў, на трэцім паверсе — зала Ластоўскага і зала нашых дзён. У экспазіцыі кожнай залы — партрэты дзеячаў і кнігі ў рост чалавека — літаратурныя сімвалы адпаведнай гістарычнай эпохі. Кнігі можна нават гартаць.
У зале Ластоўскага — «Матчын дар» А.Гаруна, партрэты Антона Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага, Палуты Бадуновай, Станіслава Булак-Балаховіча, Уладзіміра Пракулевіча, калектыўная фатаграфія ўрада БНР.
Клікаючы на партрэты беларускіх гістарычных асоб, можна слухаць аўдыёнарысы іх жыцця (8—10 хвілін).

Чырвоны касцёл

«Я не мінчук, быў у Чырвоным касцёле два разы ў жыцці, таму яго ўнутранае ўбранства мала памятаю. Фатаграфій звонку ў Сеціве дастаткова дзеля таго, каб зрабіць гожыя тэкстуры, а вось фатаграфій унутры — адзінкі. Таму скарыстаўся дзеля афармлення сцен і столі тым, што знайшоў, — каментуе Уладзімір Слабін. — Увогуле я спачатку меў план ўзнавіць у SL усе больш-менш значныя будынкі сталіцы. Максімалізм прайшоў хутка, бо праца карпатлівая, вымагае шмат часу. Знаёмая эмігрантка з Чехіі параіла зрабіць не ўсе будынкі, а галоўны ў Мінску. Такім яна лічыла касцёл Святых Сымона і Алены», — кажа Уладзімір Слабін.

Плошча Перамогі, Мастацкі музей і будынак з Траецкага

Побач з Домам урада знаходзіцца плошча Перамогі, аздобленная б-ч-б сцягамі.
Ля яе — дом з Траецкага прадмесця. У яго можна ўвайсці: унутры паштовыя маркі, прысвечаныя Беларусі, узоры вышыванак. Ёсць нават вялікае фота Сяргея Філімонава і Франака Вячоркі ў вышымайках.
Побач з домам бадзяецца барадаты мужчына з тэлефонам. Яго завуць Юры Анатольевіч. «Пры вашым набліжэнні нічога не кажа, — ён заняты, бізнесмэн», — тлумачыць Слабін.
Нацыянальны мастацкі музей месціцца за плошчай Перамогі, збоку ад Траецкага прадмесця.
Тут скульптур няма — толькі карціны. На кожнага мастака заведзена асобная залатая рама, клікаючы на якую, можна паслядоўна паглядзець яго творы. У музеі прадстаўлены пакуль карціны В.Бялыніцкага-Бірулі, Я.Дамеля, Я.Драздовіча, А.Кашкурэвіча, В,Славука, М.Шагала. Пры вонкавым падабенстве будынка ўнутры музея ўсяго адзін паверх з высокай столлю. 

Метро

У метро дзве станцыі — «Чарадзейная» і «Каліноўская», у гонар князя Усяслава Чарадзея і Кастуся Каліноўскага, адпаведна. Да кожнай з іх з плошчаў Незалежнасці і Перамогі вядуць эскалатары. Ля ўваходу у «Чарадзейную» стаіць Наталля ў чырвонай сукенцы.
«Я пакуль не прыдумаў, што яна павінна гаварыць мінакам», — прызнаецца Слабін.
А на платформе «Каліноўскай» стаіць Галіна Іванаўна, пры вашым набліжэнні яна кажа: «Цягнік зараз прыйдзе, яны ходзяць кожныя 15 хвілін».
Дарэчы, кожныя 15 хвілін з «Чарадзейнай» сапраўды адпраўляецца блакітны вагон. У яго можна сесці і праехацца. Аб’явы ў цягніку запісаныя голасам самога Уладзіміра Слабіна.

Няміга і «ўсё ў адным»

З Каліноўскай у Нямігу можна проста нырнуць з платформы ці спусціцца на Чарадзейную і, не зварочваючы да цягніка, прайсці прама. Няміга тут — паўнавартасная рака. У ёй плавае кракадзіл, а на дне — русалкі. У мяне міжволі ўзнікае пытанне, з чаго б складаўся рацыён беларускіх кракадзілаў, калі б такія існавалі.
Нездалёк ад уваходу у метро стаіць кіёск «Белсаюздруку». Калі клікнуць на палічку з назвай газеты, трапляеш на сайт. Дарэчы, «Наша Ніва» ў ім таксама прадаецца.
Можна скарыстацца опцыяй «усё ў адным» на адмысловай пляцоўцы. Вось відэа, як яна працуе:
Відэа

БДУ і сем замкаў

БДУ рэпрэзентаваны галоўным корпусам (у ім месцяцца чатыры факультэты). Таксама на карце «Беларусі» можна знайсці сем замкаў. Яны цалкам прыдуманыя. У адным нават водзяцца прывіды.
«Унутры абстаўлена так, як, на маю думку, мог жыць беларускі шляхціц (можа нават магнат) часоў ВКЛ. Я не быў заўсёды паслядоўны, таму падлога там заслана не мядзведжай скурай, а тыповым дываном савецкага часу, тканым, аднак, у Беларусі. Над дываном — сінія і ружовыя сэрцайкі, гэта танцавальныя анімацыі. Калі вы апынуліся тут з дамай (або кавалерам), клікніце на гэтыя сэрцайкі і патанчыце. Вы ў Беларусі, ваша абранніца ў Афрыцы, а ў віртуальнай Беларусі вы разам», — раіць Слабін.

Віцебск і Гарадок

Ёсць на карце і кавалкі малой радзімы Слабіна. Гэта Пакроўскі храм і частка вуліцы Кірава з Віцебску.
«Я пражыў у Віцебску больш як дваццаць гадоў, таму мая любоў да гэтага горада натуральная. Дзеля эканоміі месца пададзены ўсяго два будынкі: іх паўночныя бакі выглядаюць нібы дамы ля чыгуначнага вакзала, а паўднёвыя — як дамы ля Дзвіны», — кажа Слабін.
Гарадок, дзе Слабін нарадзіўся, прадстаўлены культурна-асветніцкім цэнтрам на цэнтральнай плошчы горада і краязнаўчым музеем, якімі аўтар бачыў іх у 2009 годзе. На сценах унутры краязнаўчага музея: знакамітыя людзі — ураджэнцы Гарадоцкага раёна, у тым ліку і сам Слабін.
«Крыху нясціпла, але ж гэта праўда — я ёсць і ў музеі, і ў кнізе «Памяць» Гарадоцкага раёна
, з якой браў звесткі», — каментуе аўтар.
Таксама ў «Гарадку» ёсць помнік «Тарасу на Парнасе» і школа. « У 2011—12 гадах я праводзіў тут са студэнтамі віртуальныя кансультацыі па агульнай хіміі, аб чым пазней апублікаваў пару
 артыкулаў
. Пагадзіцеся, гучыць не зусім звычайна, што амерыканскія студэнты прыходзілі на кансультацыі ў віртуальную Беларусь», — адзначае Слабін.

Беларусь Нябёсная

На зямлі — гэта ўсё. Але ж свет віртуальны, таму трэба трапіць на неба. Зрабіць гэта можна двума спосабамі: праз тэлепорцер ці сеўшы на цягнік у метро. На небе можна сустрэць Віцебскі чыгуначны вакзал…
…кіёск з віцебскай рэгіянальнай прэсай…
калгасныя палеткі і вясковы падворак.
Калі ёсць час і вы далучыліся да SL-групы «Second Belarus», можаце ўзяць пілу і папілаваць. Можаце пакатацца на трактары «Беларус» МТЗ-50 у яго чырвоным, экспартным варыянце — ці проста так, а то і прычапіўшы цыстэрну з гноем, распырскваючы ўгнаенне. Можна таксама пакапаць бульбу ці сабраць свежае гародніны. 
Далей — весялей.
«За агароджаю — пшанічнае і жытняе поле, за полем — лужок, там у траве — фасфарычны левітуючы кубік. Назавем яго генератарам жаночай прыгажосці. Дзень і ноч ён распаўсюджвае ў кіберпрасторы вобразы беларускіх журналістак, акцёрак, спявачак, спартсменак, удзельніц конкурсаў прыгажосці і проста прыгожых. Сярод іх Марына Аляксейчык, Іна Афанасьева, Таццяна Беланогая, Кацярына Бурая, Вольга Гарапучык, Аляксандра Герасіменя, Таццяна Глазко, Ксенія Голуб, Ірына Дарафеева, Ганна і Наста Дашкевіч, Дар’я Домрачава […]», — так апісвае аўтар наступны сюрпрыз.
відэа
Насамрэч, «генератар» — гэта проста белая квадратная пляма, з якой выскокваюць жаночыя фотаздымкі. Больш за ўсё яна нагадвае застаўку да перадачы з віншаваннямі нейкага малабюджэтнага рэгіянальнага тэлеканала.

Лес

Ёсць у віртуальнай Беларусі і лясок. Там водзяцца алені, мядзведзі, дзікі, белыя ваўкі. «Планую дадаць лясных братоў-партызан, для іх ужо раскладзена вогнішча», — абяцае Слабін.
У лесе месціцца і «дыскатэка» — штосьці накшталт пляцоўкі з экранам, на якім Слабін плануе прадставіць кожнага беларускага выканаўцу.

Хакей і станікі

Але ж слабінскі «праект» — не адзінае беларускае ў свеце Second Life. Як адзначае сам Уладзімір Слабін, на кірмашы можна набыць Тэрыторыю Беларусі з рэльефам
 у выглядзе файла
Калі хто пажадае купіць асобны востраў у SL і будаваць там сваю Беларусь, ён можа загрузіць гэты файл, і суша адразу ж прыме адпаведную форму. Таксама ёсць хакейныя швэдры…
…налепка на шчаку для фанатаў…
….ці станік.
Насамрэч, экскурсія па «Віртуальнай Беларусі» — штука вясёлая. Часам цікава, часам смешна. Так што, калі няма чаго рабіць — рэкамендую. А калі хтосьці хоча далучыцца да слабінскага хобі — то ён не супраць.
«Магчыма, у чытачоў з’явіліся свае арыгінальныя ідэі. Калі гэта так, напішыце, калі ласка на ulad.slabin@secondbelarus.com — будзем супрацоўнічаць», — запрашае Уладзімір.

Улад Швядовіч [8:54, 18 снежня 2015]
Спасылка на арыгінал артыкула

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники