Школьнікі змогуць вывучаць творчасць Максіма Багдановіча з дапамогай кампутарнай гульні «Дом з таямніцамі», створанай па міжнародным праекце «Віртуальнае мінулае — гарант поспеху будучыні музеяў» праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Літва-Латвія-Беларусь 2007-2013».
Пра гэта паведаміла каардынатар праекта з беларускага боку, супрацоўнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Святлана Рапецкая.
У аснове гульні — матэрыялы гродзенскага Дома-музея Максіма Багдановіча, біяграфічныя звесткі, творчасць паэта. У гульнявой форме школьнікі атрымліваюць інфармацыю пра дзяцінства і гродзенскі перыяд жыцця паэта, яго атачэнне, гарадское асяроддзе таго часу. Гульня складаецца з некалькіх узроўняў і ўяўляе сабой падарожжа па мемарыяльных пакоях музея. У гульні шмат загадак, гучыць чыстая беларуская мова, на апошнім узроўні гулец павінен сабраць разам сям’ю паэта. Гульня разлічана на школьнікаў і студэнтаў, а таксама ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і паэзіяй.
Гульню ўжо выпрабавалі школьнікі Гродна, педагогі зацікаўлены выкарыстоўваць яе ў адукацыйных мэтах, адзначыла Святлана Рапецкая.
Згуляць у яе можна анлайн на сайце праекта.
[Паводле БелТА][2]
[2]http://www.belta.by/